МІНУСІ́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА Размешчана ў гарах Пд Сібіры, у Краснаярскім краі Расіі. Абмежавана з Пд Зах. Саянам, з Пн адгор’ямі Кузнецкага Алатау, з 3 Абаканскім хр., з У адгор’ямі Усх. Саяна. Складзена з сланцаў, пясчанікаў, кангламератаў, мергеляў і інш. Радовішчы жал. руды, каменнага вугалю (гл. Мінусінскі вугальны басейн). Рэльеф пераважна ўзгоркавата-раўнінны з асобнымі нізкагорнымі масівамі і куэставымі градамі. Выш. ад 200—300 да 700 м. Клімат рэзка кантынентальны, месцамі засушлівы. Найб. рака — Енісей. Шмат прэсных і салёных азёр. На паніжаных участках злакавыя і камяністыя стэпы. Адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Сібіры. Садаводства, бахчаводства. Жывёлагадоўля, конегадоўля. У М.к. гарады Мінусінск і Абакан.
т. 10, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)